БУЛА́ВІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1707—09,
антыфеадальнае сялянска-казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам К.А.Булавіна (1671—1708) на Доне, у Паволжы і ў суседніх з імі раёнах. Непасрэдным штуршком да Булавінскага паўстання стала імкненне рас. ўрада вярнуць з Пд беглых сялян памешчыкам. У ноч на 9.10.1707 атрад паўстанцаў з 200 чал. на чале з Булавіным знішчыў каля Шульгінскага гарадка на р. Айдар частку карнікаў Ю.У.Далгарукага. Паўстанне хутка пашырылася ўверх па цячэнні Дона, да яго далучыліся казацкая галота і сяляне Тамбоўскага і Казлоўскага пав., Левабярэжнай і Слабадской Украіны. 1.5.1708 Булавін заняў Чаркаск, дзе 9.5.1708 яго выбралі атаманам «усевялікага войска Данскога». Яго атаманы І.Паўлаў, І.Някрасаў, Л.Хахлач авалодалі Дзмітрыеўскам і Царыцынам, асадзілі Саратаў. На Северскім Данцы і ў Слабадской Украіне паспяхова змагаліся атрады С.Дранага, М.Голага, С.Бяспалага. Для задушэння Булавінскага паўстання ўрад стварыў спец. армію (32 тыс. чал.) пад камандаваннем В.У.Далгарукага. У ліп. 1708 Булавін асадзіў Азоў, але не авалодаў ім. У гэты час былі разбіты атрады Дранага і інш. Вярхі казацтва, незадаволеныя няўдачамі, арганізавалі змову супраць Булавіна. Каб не трапіць у палон, ён застрэліўся. Асобныя атрады паўстанцаў змагаліся да пач. 1709. Царскі ўрад жорстка задушыў Булавінскае паўстанне. Дон страціў незалежнасць.
Літ.:
Буганов В. Булавин. М., 1988;
Лебедев В.И. Булавинское восстание (1707—1708). М., 1967. З.І.Каршакова.
т. 3, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)